Даследаванне
З гісторыі сям’і Біруковых-Шурыных ХХ-ХХІ стагоддзяў
Титович Геннадий Васильевич
Родился в 1960 г. в д. Синкевичи Лунинецкого района Брестской области
По специальности учитель истории, обществоведения и советского государства и права. Директор Рогачёвского районного центра туризма и краеведения детей и молодёжи, руководитель музея «Лёс салдата» составитель альманахов «Днепровские волны», «Старажытнасці Рагачоўшчыны». Исследователь истории Рогачёвщины ХХ-го столетия.
Году гістарычнай памяці прысвячаецца…
Для выхавання патрыётыкі на лепшых традыцыях
беларускага народа мінулага стагоддзя.
Лёс салдата… Якім ён можа быць?... Пачынаю свой расповед аб тым, як мая пошукавая праца дала мне магчымасць пазнаёміцца з сям’ёй легендарнага партызана Рагачоўшчыны Бірукова Адама Андрэевіча. У 2007 годзе маёй пошукавай практыцы пашанцавала: я сустрэўся ў музеі “Лёс салдата” з Аляксандрам Адамавічам Біруковым, які адпачываў у нашай здраўніцы – санаторыі “Прыдняпроўскі”. Пасля азнаямлення з экспазіцыямі музея размова прадоўжылася за піццём гарбаты.
У той час Аляксандр Адамавіч працаваў у Рэспубліканскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Жыў ён у Мінску з маці Яўгеніяй Іванаўнай Біруковай. Я спытаў яго: “Маці як сябе адчувае, яна можа мяне прыняць і паведаць гісторыю свайго жыцця?”
З яго боку я атрымаў згоду пагаварыць з маці. Размова наша доўжылася, мы абмяркоўвалі пытанне захавання ў мястэчку Ціхінічы будынка сыраварні, які быў уведзены ў другой палове XIX стагоддзя прадстаўнікамі сям’і Аскерак, затым належыла сям’і Рейнгарда, гафмейстару імператарскага двара, а пасля сям’і Клятцо.
Захаваць гэты архітэктурны будынак мне хацелася не толькі таму што ім валодалі прадстаўнікі вядомага беларускага магнацкага роду Аскерак, а таму, што ў ім пасля Вялікай Айчыннай вайны жыла сям’я вядомага арганізатара партызанскага руху на Рагачоўшчыне Адама Андрэевіча Бірукова.
Энцыклапедыя Вялікай Айчыннай вайны сведчыць аб тым, што Бірукоў Адам Андрэевіч нарадзіўся 21 лістапада 1914 года ў вёсцы Ядраная Слабада Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Арганізатар партызанскага руху ў Гомельскай і Пінскай абласцях, ганаровы работнік культуры БССР (1980 г.), член КПСС з 1940 г. Скончыў Рагачоўскі настаўніцкі інстытут у 1940 г., вышэйшую партыйную школу ў 1958 годзе. З 1940 г. сакратар Рагачоўскага РК ЛКСМБ, член рэвізійнай камісіі ЛКСМБ. З 15 жніўня 1941 г. па 1 чэрвеня 1943 г. сакратар Рагачоўскага падпольнага РК ЛКСМБ і член Рагачоўскага падпольнага РК КП(б)Б, адначасова з 1941 г. сакратар Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ. З лістапада 1941 г. камандзір партызанскай групы і камісар атрада № 255. З лютага па ліпень 1943 года камісар 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады.
Са жніўня 1943 г. па студзень 1944 г. сакратар Пінскага падпольнага абкама ЛКСМБ. З 1944 г. па 1983 г. на партыйнай і гаспадарчай рабоце. Бірукоў Адам Андрэевіч памёр у 1989 годзе.
У складзе секцыі камісіі па справам былых партызан і падпольшчыкаў пры Прэзідыўме Вярхоўнага Савета БССР Бірукоў Адам Андрэевіч разам з іншымі дэпутатамі, былымі партызанамі, Лавецкім Пятром Спірыдонавічам і Рудаком Аркадзіям Дзянісавічам адказвалі за развіццё музейнай справы ў Беларусі. Для даследчыкаў будзе цікава, што ў час дэпутацкай дзейнасці Бірукова ў Вярхоўным Савеце БССР былі створаны камісіі: “Уліку партызан і выдачы пасведчанняў партызанам Беларусі”(склад: Лапец Павел Дзянісавіч, Лівенцаў Віктар Ільіч, Стрыжак Цімафей Мікалаевіч), “Успамінаў”(склад: Мачульскі Раман Навумавіч, Ляшчэня Савелій Канстанцінавіч, Цімчук Іван Мацвеевіч), “Агітацыйна-прапагандыская” (склад: Комлев Васіль Паўлавіч, Лузгін Васіль Іванавіч, Рома Фёдар Дзмітрыевіч) і іншыя.
Праз два гады, ў 2009 годзе, я змог наведаць сям’ю Біруковых у Мінску. Яўгенія Іванаўна Бірукова (Шурына) нарадзілася ў 1919 годзе ў горадзе Бабруйску Магілёўскай губерніі. Пасля школы, у 1938 годзе, паступіла ў Рагачоўскі настаўніцкі інстытут на факультэт беларускай мовы і літаратуры. З даваенных выкладчыкаў і адміністрацыі яна назвала дырэктара Нікіціна, кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Бондарава Паўла і выкладчыкаў Федчанка і Цімашэнка, які выкладаў фізічную культуру.
У распараджэнні студэнтаў з іншых гарадоў Беларусі былі чатыры інтэрната. У дамах-інтэрнатах было па 10-12 пакояў. Яўгенія Іванаўна жыла ў інтэрнаце №4 у пакоі №7 па вуліцы Смідовіча.
У той час у Рагачоўскім настаўніцкім інстытуце вучылася Алена Васілевіч, яе твор таго часу “Пачакай і затрымайся”.У інтэрнаце разам з Яўгеніяй Іванаўнай жылі Саша Прышчэня з Слуцку, Бондараў Павел, Мітраховіч з мястэчка Парычы, Акуліна, Пушкін, Башаркіна Вольга з Прапойску (зараз Слаўгарад), Акунец, Бірукоў Адам, Насця Дзятлава (жыла ў пасёлку Чырвоны Бераг пасля вайны).
Бондараў Павел пасля вучобы ў настаўніцкім інстытуце займаў пасаду 2-га сакратара Беластоцкага РК ЛКСМБ. У 1939 годзе ён пабіў вартаўніка маста ў г.Беластоку. За гэты ўчынак яго вызвалілі ад пасады лідэра камсамола Беластокшчыны і ён прыехаў на радзіму ў веску Красніца Рагачоўскага раёна. З восені 1941 года, у час нямецкай акупацыі, заняў пасаду бургамістра. Ён добра ведаў Рагачоўскі раён і меў агентурную інфармацыю аб знаходжанні на тэрыторыі раёна падпольнай групы Самуіла Манусавіча Свярдлова.
Бондараў Павел не даваў групе былых партызан доўгі час знаходзіцца лагерам у адным месцы, ён ганяўся за падпольшчыкамі па ўсяму раёну, але не даводзіў сваёй справы да канчатковага знішчэння змагароў.
У 1940 годзе Яўгенія Іванаўна выйшла замуж за Бірукова Адама Андрэевіча, перайшла на завочнае навучанне. Яна працавала настаўніцкай беларускай мовы і літаратуры ў Кісялевіцкай сямігадовай школе Бабруйскага раёна, жыла ў пакоі пры школе. Часта ездзіла ў г.Рагачоў, брала канспекты ў студэнтаў стацыянара і здавала экзамены. Затым, у канцы 1940 года, пераехала ў г.Рагачоў і стала працаваць выхавацелем дзіцячага сада № 1 г.Рагачова. Кіравала гэтай дашкольнай установай перад вайной Зінаіда Аляксееўна Голычава.
Калі пачалася вайна і фронт стаў набліжацца да Рагачова, жонка сакратара райкама КП(б)Б С.М.Свярдлова і жонка Когана былі эвакуіраваны за Днепр на Ўсход у першую чаргу.
У Другі рэйс эвакуіраваных трапіла Яўгенія Іванаўна. Шэсць чалавек пасадзілі ў “палутарку” і павезлі на Ўсход. Даехалі да горада Рослаўля, дзе спыніліся, каб пераначаваць. Раніцай павінны былі ехаць далей, але шафёр, габрэй па нацыянальнасці пакінуў машыну і самастойна падаўся на Ўсход.
Адна з жанчын, якая ехала з імі, мела пасведчанне вадзіцеля, усе прынялі рашэнне ехаць назад. Вярнуліся ў вёску Доўск, там ваенныя прымусілі пакінуць машыну, так як яна неабходна была для падвоза баепрыпасаў вайскам 63-га стралковага корпуса. Калі вярталіся, сустрэлі Бондарава Паўла, які даў “вяртальцам” хлеба з маслам і паведаў, што муж яе Бірукоў Адам знаходзіцца ў вёсцы Вішанькі. Вярталіся назад у Рагачоў з Голышавай Галінай і сястрой Шурынай Марыяй. Пешшу дайшлі да вёскі Вішанькі. У штабе атрада самаабароны (знішчальнага батальёна) яна знайшла мужа Адама Бірукова. Адам Андрэевіч паведаміў, што ён чакае распараджэння з Гомеля - ісці на фронт яму ці заставацца для арганізацыі партызанскага руху. На той час Адам Андрэевіч займаў пасаду намесніка камандзіра атрада самаабароны.
Праз вёску Вішанькі ў г.Рагачоў ішлі разрозненыя вайсковыя групы. Былі і раненыя. Галя Голышава дапамагала раненым, займалася перавязкай ран і харчаваннем адступаючых. Лёс Галі Голышавай невядомы. Засталася яна жывой ці не Яўгенія Іванаўна не ведае.
Панурыя чырвонаармейцы, якія адступалі, былі стомленыя, вопратка брудная, у бежанцаў выгляд быў крыху лепшы, яны неслі невялікія клункі з адзеннем і ежай.
Калі войскі адступалі з паходнымі кухнямі, тады яны кармілі дзяцей.
Адам сказаў, што Яўгенія Іванаўна пакуль будзе жыць у хаце старшыні сельскага Савета, а затым яе адправяць у г.Гомель, так як яна цяжарная і не можа быць у прыфрантавой паласе.
Па распараджэнню С.М.Свярдлова Адам Бірукоў займаўся закладкай баз харчавання, абмундзіравання і зброі на тэрыторыі левабярэжжа Дняпра. Яўгенія Іванаўна з цяжкараненымі чырвонаармейцамі была эвакуіравана ў г.Гомель у ліпені 1941 года.
У Гомельскім абкоме камсамола яна атрымала заробак мужа і выслухала папрок у адрас Адама, што ён паддаўся паніцы, пакінуў г.Рагачоў і стаў закладваць базы харчавання і ўзбраення.
У Гомеле Яўгенія Іванаўна прабыла суткі і была накіравана ў эвакацягнік для адпраўкі на Ўсход. У цягніку ехалі жонкі і дзеці афіцэраў, партыйных работнікаў і шмат габрэяў. З пачатку іх завезлі ў Варонежскую вобласць, чыгуначная станцыя Пяскі. Жылі ў Варонежскай вобласці да верасня 1941 года. Калі фронт пачаў набліжацца да гэтай мясцовасці, улады Варонежа прынялі рашэнне эвакуіраваць беларусаў далей на Ўсход.
На чыгуначную станцыю падагналі таварны цягнік, у вагонах былі полкі толькі для таго каб спаць, а падлога была заслана сенам. Пры пагрузцы габрэі сказалі іншым сваім сародзічам, што поезд ідзе ў г.Ташкент. Пачалася даўка, у вагон залезла шмат габрэяў.
Серафіма Мікалаеўна, жонка Варонежскага ваенкома, вымушана была выйсці з вагона і паскардзіцца начальніку чыгуначнай станцыі. У вагон зайшоў ваенны і прымусіў усіх выйсці на перон. Спачатку ўвайшла ў вагон Серафіма Мікалаеўна, а за ёй усе астатнія. Цягнік рухаўся на Ўсход пад бамбёжкамі. Калі спыніўся, яго рамантавалі і рухаліся далей.
Па дарозе ў горад Ташкент Яўгенія Іванаўна радзіла дачку. Завярнуць дзіця, якое нарадзілася, не было ў што, таму завярнула яго ў рубашку. Хтосці з спадарожнікаў дастаў з чамадана свой цёплы халат і аддаў яго Яўгеніі Іванаўне. Народжанаму дзіцяці стала цяплей.
Сілы ў жанчыны было мала пасля родаў. У галаву лезлі дрэнныя думкі - як жыць далей? У вагон зайшоў, на прыпынку, мужчына з ордэнам на грудзі, сабраў сена ў вуглу і сеў, не звяртаючы ўвагі на дзіця, якое нарадзілася. Яўгенія Іванаўна ўбачыла, што пачынае падаць снег і завярнула дзіця ў сваё цёплае паліто, а сама засталася дрэнна апранутай.
У вагон зайшлі два лётчыка, у іх была полка для таго, каб сядзець і яны прапанавалі яе Яўгеніі Іванаўне. Яна паклала на полку дачку і выйшла з вагона на прыпынку чыгуначнай станцыі. Хацелася памерці, бо сіл ужо не было. Начальнік станцыі вызваў ваеннага ўрача, той зразумеў, што Яўгенія Іванаўна страціла шмат крыві. У дарогу далі харчаванне, яе сталі карміць і дапамагаць глядзець дзіця.
Калі ў вагоне адносіны да Яўгеніі Іванаўны змяніліся, чалавеку з ордэнам стала сорамна за свой учынак і ён непрыкметна пакінуў вагон.
Кармілі пасажыраў эвакапоезда на кожнай вузлавой станцыі. Цягнік рухаўся ў Ташкент на працягу 1,5 месяцаў. У горадзе былі 12 снежня 1941 года. Размясцілі па ўсёй Ташкентскай вобласці. Спачатку выгрузілі на чыгуначнай станцыі, зайшлі ў памяшканне. Прыехалі мужчыны на санях, каб забраць эвакуіраваных па хатам. Паехалі назад, каб узяць валенкі і тулупы. Бірукову Яўгенію Іванаўну прынялі ў сям’ю Качугалавых. Жонка гаспадара была родам з Вяткі, яна паехала за мужам, асуджаным белапалякам, на месца, дзе ён адбываў пакаранне. Калі прыехала, то пазнала, што яго ўжо не было ў жывых, органы НКУС растралялі. Яна пазнаёмілася з Качугалавым і стала жыць у яго хаце. Рыгор Качугалаў хварэў чахоткай, але знайсці другога здаровага гаспадара было не магчыма. Яўгенія Іванаўна жыла з дачкой у Качугалавых. Дачка заразілась “чахоткай”. Паехала з ёй у горад Сталінск на рэнтген. Пасля наведвання ўрача, яна выйшла з бальніцы, ідзе па гораду і нечакана сустракае сваю сястру Марыю. Сястра паведаміла, што па заяве ідзе на фронт. Яўгенія Іванаўна расказала сястрэ што дачка захварэла, што няма сіл змагацца за сваё і яе жыццё. Сястра ўзяла сваю пляменніцу на рукі і панесла ў вагон, супакоіла Яўгенію Іванаўну словамі, што за жыццё патрэбна змагацца. Доўга плакала Яўгенія Іванаўна і пытала сябе: “Чаму на яе долю выпаў такі лёс?”.
Поезд спыніўся, Яўгенія Іванаўна развіталася з сястрой Марыяй, а самой патрэбна было дабірацца да пераправы праз раку. Разам з людзьмі яна села на паромны плыт. Яўгенія Іванаўна паклала дачку на сярэдзіну плыта, падышла да яго краю з думкай кінуцца ў раку, але мабыць анёл-ахоўнік пашкадаваў яе. Адна з жанчын, якая была на плыту, узяла Яўгенію Іванаўну за руку і адвяла ад краю бездны, абняла яе і пацалавала. Яна помніць яе словы: “Не трэба гэтага рабіць, табе яшчэ рана”. Вярнулася ў вёску Кузедсёва ноччу, у хату не пайшла. Хацелася пабыць адной і паплакаць. Доўга плакала і прасіла Божыю маці, каб тая даравала жыццё яе дачурцы, каб пахрысціць яе. У раніцу паднялося сонца і яе дачка першы раз загаварыла. Радасць напоўніла сэрца маці. Зайшла ў хату, накарміла дзіця, сама паела і вырашыла не здавацца смерці, а змагацца за сябе і дачку. Пайшла ў гарком партыі. Другі сакратар сказаў, што ведае пра яе гора, але нічым дапамагчы не можа. Вырашыла на пошце даць тэлеграму ў ЦК КП(б)Б таварышу Зімяніну. “Дочь больна туберкулёзом, прошу отправить её в санаторий”. Хутка прыйшла тэлеграма з Масквы за подпісам “Міхайлаў”: “Выехать срочно Бирюковой Евгении Ивановне в город Москву».
Пашылі дачцэ сукенку і чобаты і паехалі яны ў сталіцу- горад Маскву.
У Маскве тры акадэмікі чыталі рэнтгэнаўскі здымак і прыйшлі да высновы, што лёгкія дачкі здаровые, але дзіцяці трэба лячэнне. Дачку палажылі ў бальніцу па вуліцы імя Нікіціна, а Яўгенія Іванаўна стала працаваць у Беларускім штабе партызанскага руху, які знаходзіўся на чыгуначнай станцыі Сходняя.
Яўгенія Іванаўна была у службовым падпарадкаванні ў паўкоўніка Віталія Раманава і капітана Уксусава, які вёў партыйны і камсамольскі ўлік партызан Беларусі. У красавіку 1943 года ў Маскву на пленум прыехаў яе муж - Бірукоў Адам. Яўгенія Іванаўна сядзела на скрыні ў штабе і не верыла, што яе муж у Маскве і яна яго хутка пабачыць. Сустрэча была вельмі радасная і цёплая. Адам не спускаў дачку з рук, цалаваў яе. Радасці не было мяжы.
Па рашэнню пленума Бірукова Адама Андрэевіча адправілі ў Пінскую брыгаду сакратаром Пінскага абкама ЛКСМБ. А Яўгенія Іванаўна працягвала службу ў БШПР. Новы 1944 год сустракала ў эшалоне, які рухаўся з Масквы ў Гомель. У Навабеліцы размясціўся ЦК КП(б)Б, а штаб партызанскага руху ў вёсцы Чонкі. Штаб займаў двухпавярховы будынак, які ўцалеў у гады нямецкай акупацыі.
Калі Чырвоная Армія і Дняпроўская флатылія вызвалілі горад Пінск 14 чэрвеня 1944 года, Яўгенія Іванаўна напісала рапарт з просьбай паехаць ў горад Пінск да свайго мужа Бірукова Адама Андрэевіча. Спачатку поездам яна даехала да вузлавой чыгуначнай станцыі Калінкавічы, а затым да горада Пінска, дзе яе радасна сустрэў Адам Андрэевіч. Біруковы - Яўгенія Іванаўна і Адам Андрэевіч – сустрэліся, каб больш ніколі не разлучацца.
Жылі ў Пінску на службовай кватэры. Гэты горад захаваўся лепш пад час нямецкай акупацыі. Будынкі былі яшчэ дарэвалюцыйныя і даваенныя. Яўгенія Іванаўна выкладала беларускую мову і літаратуру ў першай беларускамоўнай школе гэтага палескага горада.
У 1957 годзе Бірукова Адама Андрэевіча накіравалі ў Маскву на вучобу ў Вышэйшую партыйную школу, пасля вучобы сям’я Біруковых пераязжае ў горад Мазыр. Тут Адам Андрэевіч займаў пасаду загадчыка аддзела па кадрам у Мазырскім абкаме КП(б)Б. У Мазыры Яўгенія Іванаўна была загадчыцай абласнога метадычнага кабінета.
Потым партыя накіравала Бірукова Адама Андрэевіча ў горад Быхаў Магілёўскай вобласці, дзе ён займаў пасаду 1-га сакратара райкама КПБ. Яўгенія Іванаўна заўсёды была разам са сваім любімым мужам.
У горадзе Быхаве яна працавала настаўніцай ў школе. Сям’я Біруковых не сядзела на месцы. Адама Андрэевіча накіроўвалі на адказныя месцы, дзе быў патрэбны яго прафесійны і жыццёвы вопыт. Гэта далейшая яго праца на Тамбоўшчыне ў Юраўскім раёне, затым у вёсцы Азарычы, горадзе Ветка, Гомельскай вобласці. Пасля 1960 года сям’я жыла ў доме сыраварні Аскерак у вёсцы Ціхінічы Рагачоўскага раёна, Гомельскай вобласці, а пасля пераехала ў горад Мінск.
Яўгенія Іванаўна ў канцы маей размовы стамілася і перадала мне частку сямейнага архіва. Я запытаў у яе пра дзяцей.
Бірукова Ала Адамаўна – яе дачка, гераіня нашага аповеда (1941 года нараджэння) пасля вайны працавала настаўніцай пачатковых класаў у Сярэдняй школе № 65, а затым у Сярэдняй школе № 19 горада Мінска.
У пачатку XXI стагоддзя яна стала манахіняй Пакроўскага манастыра ў горадзе Кіеве.
Бірукоў Аляксандр Адамавіч 1952 года нараджэння, скончыў біялагічны факультэт БДУ, працаваў у Рэспубліканскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Зараз працуе ў суместным таварыстве з абмежаванай адказнасцю АНТОНАР , жыве ў Мінску.
Бірукова (Ганчарова) Інэса Адамаўна 1946 года нараджэння, вучылася ў Ціхініцкай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна. Затым скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, кандыдат біялагічных навук. Працуе ў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, акрамя таго, рыхтуе ўдзельнікаў міжнародных даследчых конкурсаў па экалогіі і біялогіі. Яе выхаванцы неаднаразова перамагалі на міжнародных конкурсах даследчых прац моладзі. Жыве ў Мінску.
Сястра – Шурына Марыя Іванаўна, гераіня нашага аповеду, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. Прайшла з баямі ад Сталінграда да Мінска. У артылерыйскай, зенітнай устаноўцы Марыя Іванаўна была першым нумарам разліку. Ад яе трапнага выстралу залежыла абарона пазіцый і жыццё разліку. Яна вяла баі з нямецкімі сцярвятнікамі за неба Сталінграда, Курска, Кіева, Гомеля і Мінска, вяла паветраную абарону мастоў праз рэкі Расіі,Украіны, Беларусі. Яна ўзнагароджана шматлікімі ардэнамі і медалямі.
Пасля вайны Марыя Іванаўна вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на філалагічным факультэце, атрымала спецыяльнасць выкладчыка рускай мовы і літаратуры. Пасля вучобы працавала ў Мінскім палітэхнічным універсітэце, затым у Мазырскім педагагічным інстытуце, а ў канцы педагагічнай дзейнасці – зноў працавала ў політэхнічным універсітэце. Яна выкладала рускую мову і літаратуру ў групах іншаземных студэнтаў, якія вучыліся ў гэтым універсітэце.
Жыве Марыя Іванаўна ў горадзе Мінску са сваёй пляменніцай Інэсай Адамаўнай Ганчаровай (Біруковай).
У пачатку мая 2020 года я патэлефанаваў у горад Мінск Бірукову Аляксандру Адамавічу, перадаў вялікай сям’і Біруковых прывітанне ад рагачоўцаў, выказаў словы ўдзячнасці за гераізм яго бацькоў у час свяшчэннай Вялікай Айчыннай вайны, павіншаваў са Святам Вялікай Перамогі.
Яшчэ атрымаў звестку аб тым што Бірукова Яўгенія Іванаўна пражыла доўгае жыццё, яна памерла ў 2018 годзе ва ўзросце дзевяноста дзевяці з паловай гадоў. Яе жыццё - гэта ў той час, калі ў гісторыі краіны была грамадзянская вайна, калектывізацыя, Другая сусветная вайна, аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, перастройка, распад СССР.
Дваццатае стагоддзе – гэта вельмі складаны час, напоўнены трагічнымі падзеямі, напружаннем усіх людскіх сіл для таго, каб выжыць чалавеку. Інэса Адамаўна таксама папоўніла маю скрыню інфармацыяй аб сям’і Біруковай Яўгеніі Іванаўны, па мацярынскаму накірунку Шурынай.
Род маці Шурынай Яўгеніі Іванаўны з Гомельшчыны з вядомай вёскі Парычы. Сям’я была заможная. Шурын Іван не хацеў ісці ў калгас у
30-я гады XX стагоддзя. Калі навісла пагроза раскулачвання і арышту, жыў асобна ў лесе каля двух гадоў, яго жонка насіла яму ежу ў сховішча ў лесе.
Старэйшая сястра Яўгеніі Іванаўны – Шурына Кацярына Іванаўна ў час Вялікай Айчыннай вайны была байцом у адным з партызанскіх атрадаў Палескай вобласці. Мае шмат дзяржаўных узнагарод. Тры яе сястры: Кацярына, Яўгенія, Марыя ў час ліхалецця змагаліся за незалежнасць нашай Беларускай зямлі. Іх нашчадкі зберагаюць памяць аб іх у сваіх сэрцах.
У архіве Адама Андрэевіча я знайшоў цікавы дакумент – гэта пісьмо намесніка камандзіра партызанскага атрада па камсамолу. Ліст датуецца 1970 годам, аўтарам якога з'яўляецца Нордман Эдуард Балеслававіч, арганізатар партызанскага руху на Піншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён дапамагае нам зразумець, што адбывалася пры арганізацыі падпольнай камсамольскай і партыйнай работы летам-зімой 1941 года, вясной і летам 1942 года ў дынаміцы свайго развіцця.
Аб тым, што адбывалася дакладна на Піншчыне ўлетку 1941 года, Нордман Эдуард Балеслававіч паведамляе: “4 ліпеня 1941 года ў горадзе Століне прайшло паседжанне партыйнага актыва з удзелам прадстаўнікоў ЦК КПБ, аб гэтым паведаміла камсамольцам Піншчыны сакратар абкама ЛКСМБ таварыш Сысоева О.А.”.
У тыле ворага засталіся сакратар Пінскага гаркама Аляксандр Берковіч, вучань 10 класа Іван Чуклай, сакратар камсамольскай арганізацыі аўтабазы горада Пінска Канушкін і ён – Эдуард Нордман.
Засталіся ў тылу сакратары іншых райкамаў камсамола, загадчыкі аддзеламі, работнікі Пінскага абкама ЛКСМБ, але ўжо ў канцы ліпеня частка з іх у тылу не апынуліся. Многія пайшлі за лінію фронта, апынуліся ў глыбокім падполлі – гэта значыць разышліся па родзічам, знаёмым і нічога не рабілі.
З глубокага падполля выйшлі вясной 1942 года. Па ўмовам працы 1942 год карэнным чынам адрозніваўся ад 1941 года.
Тыя з падпольшчыкаў-камсамольцаў, хто быў смелы, адказны і застаўся ў тыле ворага ў 1941 годзе, стварылі камсамольскую арганізацыю ў партызанскім атрадзе Каржа, падтрымлівалі сувязь з камсамольцамі, якія жылі ў вёсках і ў хутарах, рыхтавалі сабе асоб, якія дапамагалі ў арганізацыі падпольнай працы, рыхтавалі разведчыкаў і агітатараў.
Гэта былі тыя парасткі, якія разрасліся ў падпольна-партызанскі рух 1943-1944 гадоў.
Аўтар гаворыць, што Іван Чуклай загінуў улетку 1942 года, а сакратар гаркама камсамола Шура Бекарэвіч - зімой 1943 года.
У 1942 годзе з Масквы для кіраўніцтва падпольнай камсамольскай работай быў накіраваны К.Т.Мазураў, сакратар ЦК ЛКСМБ. Ён стаў актыўна працаваць з тымі кадрамі, якія з 1941 года імкнуліся арганізаваць падпольнае супраціўленне – паўстала задача аднаўлення працаздольных камсамольскіх органаў.
Летам 1942 года К.Т.Мазураў вызваў яго ў Любанскі раён Міншчыны для таго, каб даць інструктаж па падпольнай працы восенню 1942 года. Вынікам працы стала стварэнне ва ўсходняй частцы Пінскай вобласці падпольных райкамаў. Ён канстатуе, што яны былі створаны ў Ленінскім, Лунінецкім, Ганцавіцкім і Давыд-Гарадоцкім раёнах.
Эдуарду Балеслававічу было дано даручэнне стварыць падпольныя камсамольскія органы ў Старобінскім, Краснаслабацкім і Жыткавіцкім раёнах.
Восенню 1942 года Нордман Э.М. быў прызначаны на пасаду намесніка па камсамолу камандзіра атрада Каржа.
Вясной 1943 года Эдуарда Балеслававіча зноў вызываюць для інструктажа на Піншчыну М.Е.Зімянін і К.Т.Мазураў, каб актывізаваць стварэнне падпольных райкамаў у заходняй частцы Пінскай вобласці:
у Іванаўскім, Драгічынскім, Жабінскім, Пінскім, Лагічынскім, Целеханскім, Столінскім раёнах. Адначасова яго назначылі намеснікам камісара па камсамолу ў брыгаду імя Молатава.
Нордман расказвае цікавы факт, што яму трэба было атрымаць зарплату ў ЦК ЛКСМБ. Ён пайшоў у фінадзел, а там гавораць, што ўвесь заробак членаў Пінскага абкама ўжо атрыманы.
Эдуард Балеслававіч далажыў К.Т.Мазураву, той ад душы пасмяяўся і прапанаваў загадчыку фінансавым аддзелам ЦК ЛКСМБ таварышу Кухарэнка, што-небудзь прыдумаць, каб выплаціць заробак.
З 1943 года па ліпень 1944 года Нордман актыўна займаўся арганізацыяй падпольнага камсамольскага руху ў заходніх раёнах Палескай вобласці. У лісце ён адзначыў станоўчую ролю ў арганізацыі падпольнай камсамольскай дзейнасці ў паўночнай часцы Пінскай вобласці камсамольцаў Уладзіміра Хвесюка, Паўла Хвесюка, Гука і Дакудоўскага.
Нордман піша яшчэ аб тым, што ў 70-х гадах многія з тых таварышаў, прадстаўнікаў даваеннай камсамольскай вярхушкі Піншчыны імкнуцца перапісаць гісторыю арганізацыі падпольнай камсамольскай барацьбы ў гэтым рэгіёне, паказаць, што яны знаходзіліся ў яе вытокаў.
Раней, калі былі яшчэ жывыя людзі, якія іх добра ведалі, яны не маглі сфальсіфікаваць пачатак падпольнага камсамольскага руху, а зараз іншая справа.
Цытую на рускай мове: «В те далёкие времена об архивах не думали.
И правильно делали. Нужны были дела, а не бумаги (Обыватель силён на этот счёт не только в 40-е, но и в 70-е годы): «Без бумажки ты букашка, а с бумажкой – человек». Я уже писал тебе, что никто не виноват – сами. И поэтому приходится теперь помогать людям, выдавать справки об их участии в партизанском движении (через десятилетия)».
Вось які змест гэтага цікавага ліста да Адама Андрэевіча яшчэ аднаго арганізатара падпольнага камсамольскага руху на Піншчыне.
Эдуард Балеслававіч Нордман пасля вайны служыў у органах камітэта дзяржаўнай бяспекі. Памёр у 2006 годзе, пахаваны на Траякураўскіх могілках у г.Маскве.
У Пінску памяць Эдуарда Балеслававіча Нордмана ўжо ўвекавечана. Яго імя носіць адна з вуліц горада.
Пасля яго смерці ў выдавецтве Мінск “Беларусь”, у 2007 годзе выйшла кніга «Не страляйце ў партызан…».
У змесце кнігі артыкулы Э.Б.Нордмана:
“Першыя дні”.
“Чаму?!”.
“Выпрабаванне агнём і не толькі агнём”.
“Мы былі настырнымі хлопцамі”.
“Другая вайна”.
“Хлеб – імя, якое аб’ядноўвае”.
“Мы былі з народам, таму ў нас усё атрымліваецца”.
“Камуністы, камсамольцы, наперад!”.
“Наш адказ Гітлеру”.
“За намі нішто не заржавее”.
“Аб аўтары, які не пакінуў даўгоў”.
Кніга будзе цікавай для шырокага кола чытачоў, у ёй праўда пра партызанскі рух Беларусі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яна падрыхтавана для выдання баявым сябрам, які разам з Эдуардам Балеслававічам Нордманам быў ворага ў часы Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Піншчыны. Гэта Якаў Аляксейчык. Некалькі рысак з яго біяграфіі. Ён галоўны рэдактар выдавецтва “Беларусь”. Радавы, камандзір адзялення разведкі, памошнік камісара атрада, потым брыгады па камсамолу. Сакратар Пінскага падпольнага гаркама і Пінскага падпольнага абкама ЛКСМБ. На яго баявым рахунку – бронецягнік і 9 варожых эшэлонаў, пушчаных пад адхон, дзесяткі баёў і дзерзкія партызанскія аперацыі, аб якіх хадзілі паданні.
Працаваў начальнікам Мінскага абласнога, Стаўрапальскага краявога ўпраўлення КДБ, старшынёй КДБ Узбекістана, у цэнтральным апараце КДБ СССР.
Ганаровы грамадзянін горада Пінска, ганаровы супрацоўнік дзяржбяспекі.
Кожны з чытачоў зробіць сваю выснову аб арганізацыі ў другой палове 1941 года ўсенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі.
Відавочна адно - падпольны рух быў звязаны з становішчам на фронце. Вялікім стымулам для арганізацыі ўсенароднай барацьбы стаў вынік Маскоўскай бітвы. Першая буйная перамога Чырвонай Арміі над войскамі Вермахта акрыяла байцоў РКЧА і падпольшчыкаў у тыле ворага. Само насельніцтва акупаваных тэрыторый стала па іншаму глядзець на перспектывы далейшага жыцця.
Палітыка ўрада да вайны: прымусовая калектывізацыя, дзейнасць рэпрэсійнага апарату НКУС - адмоўна ўплывала на арганізацыю падпольнай барацьбы з ворагам у 1941 – першай палове 1942 года, але гэта ўжо другая тэма роздуму пра гістарычнае развіццё нашага грамадства.
У архіве Адама Андрэевіча Бірукова знаходзяцца цікавыя дакументы – гэта яго праца “Спіс падпольна-камсамольскіх арганізацый Рагачоўшчыны перыяду Вялікай Айчыннай вайны”. Ён можа быць крыніцай для вывучэння пасляваеннага лёсу былых падпольшчыкаў, лёсу іх сямей.
Бірукоў Адам Андрэевіч пакінуў у сваім архіве важную крыніцу па гісторыі камсамола Рагачоўшчыны напярэдадні і ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Гэта работа прадастаўляецца чытачам у поўным аб'ёме з невялікай праўкай, каб захаваць літаратурны стыль Адама Андрэевіча.
Рагачоўская раённая камсамольская арганізацыя Гомельскай вобласці напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны была аднім з баявых атрадаў камсамола Беларусі.
Па стану на 22 чэрвеня 1941 года ў раёне было 148 першасных камсамольскіх арганізацый, якія налічваюць больш 2700 камсамольцаў.
Савет Народных Камісараў СССР и ЦК УКП(б) у сваім пастанаўленні аб асушэнні беларускіх балот і засваенні асушаных зямель прынялі грандыёзную праграму работ нашай рэспублікі, праграму далейшага развіцця і пад’ёма сацыялістычнай гаспадаркі.
5-7 красавіка 1941 года адбыўся Пленум ЦК ЛКСМБ, на якім быў абмяркаваны даклад сакратара ЦК КП(б)Б таварыша Кулагіна М.В. аб удзеле камсамольскіх арганізацый Беларусі ў асушэнні балот і выкарыстанні асушаных зямель калгасаў для расшырэння пасяўных плошчаў і сенакосаў.
Шматлікія камсамольскія арганізацыі раёна самааддана ўзначыліся ў рух за асушэнне балот. Работы па раскарчоўкі кустарнікаў, рыццю каналаў, па ўглубленню рэк, паляпшэнню асушальнай сістэмы пачалася ва шматлікіх калгасах раёна.
Па прызыву камсамольцаў ў калгасе «Чырвоная Гусараўка» у зімовых умовах пачалі меліярацыйныя работы, пачалі пракладку магістральнага канала. Камсамольцы і несаюзная моладзь разам са сваім кіраўніком – сакратаром камсамольскай арганізацыі Іваліям Максімавым – першымі выйшлі на балота і асабістым прыкладам, высокай прадукцыйнасцю працы ўцягнулі ў гэтую дзейнасць калгаснікаў. У калгасе ў зімовых умовах было прарыта звыш за 900 метраў магістральных каналаў і 800 метраў асушальнай сеткі.
Упершыню ў Беларусі была даказана магчымасць усесязоннай асушкі балот(«Баявыя задачы сельскіх камсамольцаў» газета «Совецкая Беларусія» №84 ад 9 красавіка 1941 года і «Баявыя задачы беларускіх камсамольцаў» газета «Сталінская моладзь» ад 10 красавіка 1941 года).
У камсамольскіх арганізацыях раёна былі створаны і працавалі па меліарацыі 9 камсамольска-моладзевых звенняў.
У калгасе “13 год Кастрычніка” звенні камсамольскай моладзі пад кіраўніцтвам брыгадзіра, сакратара камсамольскай арганізацыі Аляксея Маркава, вывучыў агратэхніку і яе прымяненне, атрымалі вялікі ўраджай кок-сагызу на тарфяніках.
У 1940 годзе з плошчы 20 га здано дзяржаве па 50 цэнтнераў сырых карней. На асобных участках атрыман ураджай па 70-80 цэнтнераў. Прыбытак ад кок-сагызу склаў звыш 200 тысяч рублёў.
У калгасе было создана 12 пастаянных звенняў, з іх 4 камсамольска-моладзевых.
Камсамольска-моладзевыя звенні Алены Міхальковай, Евфрасінні Казловай і Агрыпіны Казадоевай абавязваліся вырасціць па 60 цэнтнераў, а Еўдакіі Аксінушкінай – па 80 цэнтнераў з гектара.
ЦК УЛКСМ адобрыў працу Рагачоўскіх камсамольцаў і прапанаваў абкамам і райкамам камсамола распаўсюдзіць гэты вопыт.
Было абвешчана ўсенароднае шэфства камсамола над кок-сагызам (газета “Сталінская моладзь” ад 25 лютага 1941 года).
Сакратар ЦК КП(б)Б таварыш Панамарэнка П.К. у артыкуле газеты “Камсамольская праўда” ад 3 лютага 1941 года “Задача дзяржаўнай важнасці” пісаў: «Надо, чтобы все комсомольцы колхозов, так, как и рогачёвцы, стали настоящими запевалами массового движения в колхозах за выращивание кок-сагыза».
У раёне была прадзелана вялікая праца па падрыхтоўкі і правядзенню сева кок-сагызу. У калгасах былі созданы 36 звенняў камсамольскай моладзі, якія дасканала вывучылі агратэхніку яшчэ зімой, прымалі меры, каб назапасіць у глебе дастатковую колькасць вільгаці для кок-сагызу. Строілі шчыты, якія затрымлівалі снег, загатаўлівалі ўгнаенне (залу, пцічы памёт), рыхтавалі тэхніку (газета “Сталінская моладзь” ад 25 сакавіка 1941 года).
У калгасе “13 год Кастрычніка” была набыта спецыяльная сеялка ОКДС – 12, а кавалі паставілі абмежавальнік на дыскавую сеялку. Яшчэ вясной участкі разбілі на дзяленні для кожнага члена звяна. З 20 гектараў па плану было пасеяна 24 гектары кок-сагызу.
У суседнім калгасе “Чырвоная Дуброва” (сакратар камсамольскай арганізацыі Мікалай Якушаў) звенні камсамольскай моладзі ўзялі абавязкі атрымаць не менш 72 цэнтнераў карней кок-сагызу з гектара. Газета “Савецкая Беларусія” ад 9 мая 1941 года пісала, што большасць
калгасаў раёна падрыхтаваліся і правялі сеў кок-сагызу намнога лепей, чым у папярэднія гады. Калгас “13 лет Кастрычніка”, улічвая вопыт папярэдніх гадоў, пачаў сеў кок-сагызу з першых дзён выхада ў поле. Калгас пасеяў 24 га кок-сагызу ў другой дэкадзе красавіка. Сеў праведзены на добра апрацованых тарфяніках.
Сеялі калгаснікі і на сваіх сядзібах гэту культуру, а многія калгасы сеялі кок-сагыз, не маючы плана пасева. У раёне з плана сева 1941 года – 200 га кок-сагыза пасеяна было 230 га.
Справы па вырошчванню кок-сагызу ў раёне шлі не дрэнна.
29 чэрвеня 1941 года неабходна было дакласці ЦК ЛКСМБ аб ходзе работ па вырошчванню кок-сагызу. Па гэтаму пытанню прапаноўвалася справаздача ў ЦК УЛКСМ у жніўні 1941 года.
Да працы па вырошчванню кок-сагызу былі прыцягнуты многія школы раёна.
У Гадзілавіцкай сярэдняй школе навучэнцы вывучылі агратэхніку вырошчвання кок-сагызу. Праўленне калгаса выдзяліла надзел кок-сагызу, якія апрацоўвалі выключна піянеры і школьнікі.
Удзельнікі рэспубліканскай нарады маладых каўчукаводаў падтрымалі ініцыятыву камсамольцаў калгасу “13 год Кастрычніка” Рагачоўскага раёна і абавязваліся вырасціць і атрымаць не менш 50 цэнтнераў карней і не менш 50 кг. сямян кок-сагызу з кожнага гектара.
Пад кіраўніцтвам камсамольскіх арганізацый раёна, піянерскіх арганізацый моладзь прымала актыўны ўдзел у барацьбе за чысціню і санітарную культуру ў раёне (перадавы артыкул газеты “Ізвесція”
№ 139 ад 14 ліпеня 1941 года “За чысціню гарадоў і сёл” і артыкул карэспандэнта Львова ў газеце “Праўда№ ад 20 чэрвеня 1941 года
“У Рагачове чыста”.
Але вышэйпаралічаныя пачынанні не ўдалася давесці да канца ў сувязі з вераломным нападам гітлераўскіх захопнікаў на нашу Радзіму. Прышлося перабудоўваць і работу райкама камсамола на ваенны лад.
Камсамольскія ўстановы былі баявымі памошнікамі раённай партыйнай арганізацыі ў барацьбе з акупантамі.
З першых дзён вайны праходзіла мабілізацыя камсамольцаў і моладзі ў знішчальны батальён, у рады Чырвонай Арміі і падрыхтоўка для работы ў тылу праціўніка. У пачатку вайны больш двух трэціх камсамольцаў Рагачоўшчыны пайшлі ў армію. Пайшлі на фронт і пазаштатныя сакратары Рагачоўскага райкама камсамола Сяргей Антонавіч Бабіч і Барыс Маркавіч Мілер. Яны ўсю вайну прайшлі ў складзе РККА, узнагароджаны ардэнамі і медалямі.
Калі летам 1941 года фронт стаяў на рацэ Днепр, камсамольцы Рагачоўскага раёна рыхтаваліся да падпольнай працы. Рашэннем ЦК ЛКСМБ і Гомельскага абкама ЛКСМБ першы сакратар Рагачоўскага РК ЛКСМБ Адам Андрэевіч Бірукоў быў пакінуты на акупаванай ворагам тэрыторыі нашага раёна і зацверджаны сакратаром Рагачоўскага падпольнага райкама ЛКСМБ і сакратаром Гомельскага падпольнага абкама ЛКСМБ па Рагачоўскай зоне.
Рагачоўскі падпольны РК ЛКСМБ пачаў сваю дзейнасць у другой палове 1941 года і працягнуў яе да канца кастрычніка 1941 года. Затым з ліпеня 1942 г. па чэрвень 1944 года актыўна арганізоўваў камсамольцаў на барацьбу за незалежнасць Радзімы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Мая доўгая па часу праца, але кароткая па сваім памерам аб сям’і Біруковых - Шурыных дапаможа моладзі ХХІ стагодзя зразумець,як жылі іх продкі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, праз якія выпрабаванні яны прайшлі. Я буду ўдзячны тым чытачам, якія прадоўжаць працу па дальнейшаму высвятленні лёсу сям’і Біруковых-Шурыных у ХХІ стагоддзі па лініі ўдзельнікаў Вялікай Айчыйнай вайны – Шурынай Марыі Іванаўны і Шурынай Кацярыны Іванаўны. Тры сястры ў пасляваенны час па здароваму паміж сабой канкурыравалі. Мне хацелась, каб гэта праца выхавала характар у моладзі Рагачоўшчыны, фарміравала іх патрэбу тварыць дабро, імкнуцца да духоўнага развіцця і стварала патрэбу вывучыць гісторыю малой Радзімы.
Вялікі дзякуй сям’і Біруковых – Шурыных, што захавалі памяць аб мінулым, аб абаронцах Айчыны ў гадзіну вялікіх выпрабаванняў XX стагоддзя.
07 мая 2020 г.
Дырэктар цэнтра
турызма і краязнаўства, Генадзь Цітовіч
Кіраўнік музея «Лёс салдата»
Фотаматэрыялы архіва сям’і Біруковых знаходзяцца ў фотаальбоме