Новости проекта
Лето на финише, а мы — на старте нового учебного года!
С окончанием учебного года!
Выставление четвертных отметок
Согласование ГИАЦ
Аттестат соответствия системы защиты информации
Архив электронного дневника.
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Партизан, солдат, историк, краевед Комаров Михаил Назарович

Дата: 28 января 2018 в 14:47, Обновлено 28 января 2018 в 15:03

Партызан, салдат, гісторык, краязнаўца  Камароў Міхаіл Назаравіч

Мае пошукі краязнаўчых ведаў па XX стагоддзю далі мне магчымасць сустрэцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, вязнямі нямецкіх лагерэй смерці, воінамі-інтэрнацыяналістамі, ліквідатарамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але асобае месца ў пошукавай практыцы займае мая сустрэча з настаўнiкам бiялогii Камаровай (Іваніцкай) Яўгеніяй Іларыёнаўнай.

Калісьці ў далёкім 1999 годзе я апынуўся на яе дачы ў в.Вішанькі.

Яна перадала мне ў спадчыну архіў краязнаўцы, настаўніка гісторыі Камарова Міхаіла Назаравіча. Вялікая кардонная скрынка з-пад тэлевізара цалкам набітая рукапісамі, артыкуламі, архіўнымі матэрыяламі па гісторыі малой Радзімы.

Сярод папер я знайшоў сямейны альбом, які належыў Камарову Міхаілу Назаравічу, аформлены ім у час вучобы ў горадзе Мінску.

Я трымаў у сваіх руках даваенны альбом і беражна перагортваў лісты з фотаздымкамі людзей, лёс якіх быў звязаны з Міхаілам Назаравічам Камаровым. Вось фотаздымак яго маці Евдакіі Васільеўны, жанчыны з прыгожым адкрытым тварам. Міхаіл Назаравіч узяў ад маці ўсе яе рысы.

Вось здымкi яго бацькі Назара Максiмавiча, удзельніка Першай сусветнай вайны. На першым ён адзін у фотаатэлье, на другiм - сярод саслужыўцаў.

Фотаздымкі альбома вельмі цікавыя для гледача: яны дапамагаюць зразумець людзей XX стагоддзя.

Пасля азнаямлення з фотаздымкамi з альбома сям’i Камаровых я зрабiў для сябе выснову, што Міхаіл Назаравiч Камароў i не мог быць іншым чалавекам у кругазвароце падзей былога стагоддзя як партызанам, салдатам, абаронцам Айчыны, настаўнікам, краязнаўцам.

Нарадзіўся Міхаіл Назаравіч 1 студзеня 1925 года ў вёсцы Шыхаў Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўнікаў.

У 1931 годзе пайшоў у пачатковую школу вёскі Папаратнае Жлобінскага раёна. З цягам часу Міхаіл Назаравіч з мацi пераязжае ў вёску Гарадзец Рагачоўскага раёна. Тут, у вёсцы Гарадзец, у 1941 годзе ён скончыў сярэднюю школу.

Пад час вучобы, ў 1940 годзе Міхаіл Камароў уступіў у рады Камуністычнага Саюза моладзі.

Другую сусветную вайну ён сустрэў у вёсцы Гарадзец. Пасля смерці бацькі ў 1942 годзе Евдакія Васільеўна і Міхаіл Назаравіч Камаровы пераязжаюць у веску Серабранка Журавіцкага раёна да сястры мацi.

У сакавіку 1942 года Міхаіл Назаравіч стаў членам Серабранскай падпольнай камсамольскай арганізацыі, якой кiравала чалавек-легенда Карнiенка Таццяна Фёдараўна.

Маладыя падпольшчыкі збіралі зброю на месцах баёў 1941 года, сачылі за рухам варожай тэхнікі і ўзброенных нямецкіх фарміраванняў на шашы Рагачоў – Доўск, распаўсюджвалі лістоўкі савецкага інфармбюро.

У жніўні 1943 года Міхаіл Назаравіч быў залічаны ў склад байцоў 261-га партызанскага атрада імя Чапаева, якiм кіраваў Жураўлёў Міхаіл Пятровіч. Малады патрыёт Міхаіл Камароў праявіў мужнасць у час баёў 261-га партызанскага атрада з нямецкімі вайсковымі фарміраваннямі.

 У кастрычніку 1943 года ён атрымаў баявое хрышчэнне. Міхаіл Назаравіч быў у ўзводзе лейтэнанта Ціхана Шакарава, якi забяспечваў разведку ў час руху атрада з варожага акружэння. Супраць партызан немцы выкарыставалі агонь кулямётаў, артылерыі і авiацыю. Але дасягнуць мэты фашысты не змаглі, знішчыць партызанскі атрад ворагу не ўдалося.

Перад злучэннем з часцямі Чырвонай Арміі камандзір атрада Жураўлёў Міхаіл Пятровіч пашкадаваў свайго “цёзку” Міхаіла Назаравіча і адправіў яго 24 лістапада 1943 года да хаты. У гэтых жорсткiх баях восенню 1943 года дзевятнадцацiгадовы юнак атрымаў кантузiю. Міхаіл Камароў выпраўляў здароўе i працаваў са сваімі сябрамі  ў калгасе вёскі Серабранка, а затым яго чакалі далейшыя шляхі вайны і новыя выпрабаванні. Ў маi 1944 года ён быў прызваны ў Чырвоную Армію. З баямі прайшоў тэрыторыю Польшчы, Германіi.

Калі гаварыць пра яго як салдата, патрэбна звярнуцца да архiўных крынiц.

У наградным лісце Камарова Міхаіла Назаравіча запісана, што ён з’яўляецца аўтаматчыкам роты аўтаматчыкаў 1133 стралковага Севастопальскага палка 339 стралковай Таманска-Брандэнбургскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі 16-га стралковага корпуса 33 арміі 1-га Беларускага фронта.

У час баявых дзеянняў па прарыву добраўмацаванай абароны праціўніка за ракой Одэр, на поўдні горада Франкфурт, 18 красавіка 1945 года, стрымліваючы неаднаразовыя контратакі варожай пяхоты і танкаў у раёне населенага пункта Маркендорф ён агнём свайго аўтамата і трафейнай зброі знішчыў 9 салдат праціўніка, у тым ліку траіх фаўстнікаў, заслугоўвае другой урадавай узнагароды “Ордэна славы II ступені”.

Камандзір 1135 стралковага палка

палкоўнік Аляксандраў.

Гэтая архіўная крыніца датуецца 6 мая 1945 года.

Другая цікавая крыніца першай ордэнскай узнагароды ордэна “Чырвонай Звязды”…

У баях па прарыву ўмацаванай абароны праціўніка на плацдарме за ракой Віслай 14 студзеня 1945 года ён дзейнічаў сумесна з байцамі 2-га прарыўнога батальёна. Ён першым начале свайго аддзялення ўварваўся ў першую траншэю праціўніка і агнём свайго аўтамата знішчыў 6 салдат праціўніка.

Камандзір 1133 стралковага Севастопальскага палка

маёр Самусенка.”

Ліст узнагароды датуецца 5 сакавіка 1945 года.

9 мая 1945 года загадам камандзіра 339 стралковай дывізіі №030/н 33-ай арміі 1 БФ запісана, што… “за ўзорнае выканання задач камандвання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і за праяўленне пры гэтым доблесці і мужнасці ўзнагароджваецца медалём “За адвагу” краснаармеец Камароў Міхаіл Назаравіч, аўтаматчык роты аўтаматчыкаў 1137 стралковага Растоўскага палка.

Камандзір 339 СД Герой Савецкага Саюза

гвардыі  генерал-маёр Васіленка”

Атрымаць тры ўзнагароды за адзін год вайны юнаку, які быў толькі тры месяцы ў партызанскім атрадзе  ̶  гэта вельмi цяжка i дарагога каштуе.

З яго лістоў да маці Еўдакіі Васільеўны мяне кранулі многія радкі, але я працытую толькi некаторыя з іх. З мэты захаваць стыль пісьма, яго каларыт, прывожу ў скарочэннi на рускай мове:

Здравствуй, дорогая мама!

Сообщаю, что я жив и здоров, чего и тебе желаю.  Проживаем в казармах бывшего юнкерского училища войск СС. Условия замечательные, рядом река. В нашем помещении ванны. В любое свободное время купайся, сколько влезет. Мы должны получить  медали «За взятие Берлина»… Многие едут в Россию, а мы не знаю.

Надоела Германия со всей её «культурой» чёрт знает как, а ещё более смотреть противно  на немцев и немок, лицемерящими перед нами.

Хочется поскорее в свою «дикую», «некультурную» Россию. Подальше от этих толстых, наполненных пивом свиней. Теперь уже и немцы чувствуют, что такое война и её последствия, интересно, забудут ли они через лет 20-30 уроки этой войны или будут помнить Россию до окончания света.

Привет всем домашним и знакомым.

Твой сын Миша. 22.06.1945 г.

Посылаю шесть листов бумаги.

Цікава i крыху ранейшае пісьмо Міхаіла Назаравіча, якое характарызуе яго асобу як мэтанакіраваную, прагную да ведаў і пранёсшую да канца свайго жыцця любоў да маці.

Ён піша з горада гістарычнай славы Казельска 14.09.1944 года.

“Привет из Козельска!

14.09.44 г.

Здравствуй, дорогая мама!

…Мама, ты наверное будешь волноваться и беспоспокоиться, но я прошу тебя не расстраивать себя понапрасну, а лучше береги свое здоровье, покупай себе жиры и не ускуплять с хлебом.

Мама, я уезжаю на фронт комсоргом маршевой роты.

Я всегда найду себе место в жизни и место, кторое я намечу себе. Так что не беспокойся за меня не береги средств для моей послевоенной жизни, так как мне еще служить и служить в армии.

Пора и нам сразиться с врагом рассчитаться с ним за все, за ограбление, за потерянные годы учебы. Между прочим у меня теперь такая большая тяга к утебе, которую я частично и удовлетворяю. У меня не было еще и дня и здесь чтобы я не был без книг…

Пока досвидания

Твой любящий сын Миша.

14.09.44 г. 12 часов дня.”

У 1949 годзе Міхаіл Назаравіч Камароў дэмабілізаваўся з Чырвонай арміі.

У перыяд з сакавіка па жнівень 1950 года ён працуе кантралёрам– лабарантам АТК на цагельным заводзе № 3 у горадзе Мінску і тут яго лідэрскія якасці былі заўважаны: ён кіруе камсамольскай ячэйкай моладзі.  

Пасведчанне на імя Камарова М.Н. ад Цэнтральнага камітэта Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі № 1390-6/24 ад 8 чэрвеня 1950 года сведчыць аб тым, што Міхаіла Назаравіча ведалі ў ЦК ЛКСМ Беларусі, як упалнаважанага ад гэтага дзяржаўнага органа.

На адным факультэце Мiнскага педагагічнага інстытута імя Горкага разам з Міхаілам Назаравічам Камаровым вучыўся з вядомым беларускім археолагам Лысенка Пётром Фёдаравічам. Пётр Фёдаравіч і Міхаіл Назаравіч сябравалi ў час вучобы i падтрымлівалі паміж сабою сувязь надалей.

Вучоба ў педагагічным інстытуце давалася Мiхаiлу Камарову лёгка. Яго прага да ведаў была адзначана ў 1953-54 гадах Сталінскай стыпендыяй за паспяховае навучанне, а актыўнасць у рабоце камітэта камсамола гістарычнага факультэта – Ганаровай граматай ЦК ЛКСМБ.

Пасля заканчэння вучобы ў жніўні 1954 года Міхаіл Назаравіч Камароў працуе завучам у Кавалевіцкай сярэдняй школе Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Любоў да Рагачоўшчыны ўзяла верх і ў 1955 годзе Міхаіл Назаравіч вяртаецца на Гомельшчыну. У перыяд з 1955 г. па 1959 год ён працаваў настаўнікам і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Кісцянёўскай і Дварэцкай сярэдніх школах. З 1959 г. па 1963 год займаў пасаду інспектара Рагачоўскага аддзела адукацыі і быў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе № 1 г. Рагачова.

У 1962 годзе па ініцыятыве Міхаіла Назаравіча Камарова загадчык аддзела адукацыі Леанід Паўлавіч Масальскі падпісвае адносіну на iмя дырэктара Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР  з запрашэннем у Рагачоўскі раён вядомага археолага Беларусі  Леаніда Давыдавіча Побаля. Мэта запрашэння – кіраўніцтва семінарам-паходам настаўнікаў гісторыі васьмігадовых і сярэдніх школ  Рагачоўскага раёна па тэрыторыі левабярэжжа ракі Днепр.

Кіраўніцтва паходам па арганізацыйным пытанням: начлег, ежа і дысцыпліна ўскладалася на інспектара аддзела адукацыі Камарова Міхаіла Назаравіча, а навукова-даследчая і інфармацыйна-прапагандысцкая работа на Леаніда Давыдавіча Побаля. Паход пад кіраўніцтвам гэтых таленавітых людзей адбыўся з 20 па 24 мая 1962 года.

Кіраўнікі школьных краязнаўчых гурткоў набылі практычныя навыкі вызначэння археалагічных помнікаў розных перыядаў, расшырылі кола ведаў па гісторыі малой Радзімы, на перспектыву спланавалі турыстычныя паходы па гістарычным мясцінам Рагачоўшчыны.

У 1963 годзе Міхаіл Назаравіч Камароў піша заяву на імя Леаніда Паўлавіча Масальскага з просьбай вызваліць яго ад пасады інспектара аддзела адукацыі. Матывам прыняцця ім такога рашэння было тое, што ён  шмат часу марна аддае на “папяровую” справу, а “жывой” работай з настаўнікамі і дзецьмі яму няма калі займацца.

З 1963 г. і да 1987 год Міхаіл Назаравіч Камароў выкладае гісторыю ў сярэдняй школе № 1 г. Рагачова. У гэты прамежак часу  са снежня 1967 г. па 1969 год ён працуе намеснікам дырэктара па пазашкольнай выхаваўчай рабоце СШ № 1 г. Рагачова.

Улетку 1967 года яго гурткоўцы былі ўдзельнікамі раскопак помніка археалогіі горада Рагачова – Замкавая гара, якія праводзіліся пад навуковым кіраўніцтвам Пятра Фёдаравіча Лысенкі. Каля двух дзясяткаў навучэнцаў школы № 1 г. Рагачова дакрануліся да мінулага, калі трымалі ў сваіх руках кераміку, бранзалеты, фрагменты ўзбраення XII-XIII стагоддзяў.

Вынікам гэтых раскопак стала стварэнне ў СШ № 1 г. Рагачова краязнаўчага музея. У яго фонды трапiлi археалагічныя знаходкi, якiя перадалі Міхаілу Назаравічу Камарову навукоўцы Л.Д.Побаль, П.Ф.Лысенка, Э.М.Загарульскi.

Вядомыя настаўнікi музыкі i спеваў Рудэнка Уладзімір Мікалаевіч і Клачкова Ларыса Іванаўна працавалі з Міхаілам Назаравічам у сярэдняй школе № 1 г. Рагачова. Іх успаміны аб ім, як настаўніку вельмі станоўчыя. Ён дасканальна валодаў прадметам, меў  свой асабісты погляд на гістарычны працэс, што выдзяляла яго сярод іншых калег творчага “педагагічнага цэха”. Але для мяне, як даследчыка, цікавы лёс музея сярэдняй школы № 1 г. Рагачова.

На пасадзе намесніка дырэктара СШ № 1 г. Рагачова па пазашкольнай і выхаваўчай рабоце Міхаіла Назаравіча замяніла Шыманоўская (Проніна)  Тамара Сяргееўна. У 1972 годзе Міхаіл Назаравіч ужо хварэў, сказалася кантузія ў час баёў на тэрыторыі Журавiцкага раёна ў кастрычнiку 1943 года. У восень 1972 г. ён лёг у шпіталь. І вось у гэты час па ініцыятыве Тамары Сяргееўны музейныя экспанаты апынуліся ў гаспадарчым памяшканні, дзе захоўваліся музычныя інструменты.

Пасля шпіталя да работы Міхаіл Назаравіч зноў прыступіў з вясны 1973 года. На партыйнай нарадзе камуністаў школы № 1 г. Рагачова прынялі рашэнне аднавіць у школе дзейнасць музея. Адмiнiстрацыя школы звярнуліся да Камарова Міхаіла Назаравіча з прапановай другi раз стварыць музей. Але адказ быў такі, што “хто бурыў экспазіцыі, той павінен іх аднавіць на новай тэматычна-планавай аснове”.

У 2017 годзе на паседжанні краязнаўчай ініцыятывы ў Доме кнігі імя У.Караткевіча вучань Міхаіла Назаравіча – Лейкін Аляксандр Самуілавіч у прысутнасці краязнаўцаў публічна заявіў, што частка музейных экспанатаў сярэдняй школы № 1 г. Рагачова трапіла да вядомага калекцыянера, бібліяфіла, краязнаўцы, даследчыка археалагічных помнiкаў Рагачоўшчыны – Рыкунова Аляксандра Мікалаевіча.

Рудэнка Уладзiмiр Мiкалаевiч мне не падцвердзіў гэтую версію, што археалагiчная калекцыя перадавалася Рыкунову А.М. Хто распарадзіўся ўнікальнямі матэрыяламі гэтай музейнай археалагiчнай экспазіцыі мы пакуль не ведаем.

Як умеў працаваць Міхаіл Назаравіч з дзецьмі многія сучасныя настаўнікі могуць яму пазайздросціць. Ён мог аб’яднаць дзіцячы калектыў перспектыўнай дзейнасцю, арганізаваць на грамадска-карысную справу, прывіць інтарэс да вывучэння гісторыі малой Радзімы, расказаць аб вайне і трагічна, і рамантычна, і камічна. Яго слухалі так, што было бачна па твару дзяцей, што у іх свядомасці ўзнікаюць гістарычныя вобразы.

Многія яго вучні, напрыклад, Шчэпін Віктар Іванавіч, Садоўскі Дзмітрый Пятровіч гаворылі мне шчыра, ад усяго сэрца што ісці на заняткі да Міхаіла Назаравіча было адно задавальненне.

Улетку настаўнік гісторыі арганізоўваў турыстычныя паходы ў першую чаргу на левабярэжжа Дняпра, туды дзе ён у юнацтве са зброей у руках змагаўся з ненавісным ворагам.

Так, члены турыстычна-краязнаўчага гуртка СШ № 1 г. Рагачова ў перыяд з 20 па 26 чэрвеня 1975 года начале з Міхаілам Назаравічам прайшлІ па нітцы турыстычнага маршрута: г.Рагачоў – в.Мадора – в.Кісцяні – в.Юдзічы – в.Доўск – в.Гадзілавічы – в.Збароў – г. Рагачоў.

Вось склад гэтых вандравальнікаў:

Габрусь Мікалай Мікалаевіч, 1960 г. нараджэння;

Кісялёў Мікалай Анатольевіч, 1960 г. нараджэння;

Радчыкаў Аляксандр Іванавіч, 1960 г. нараджэння;

Садоўскі Дзмітрый Пятровіч, 1960 г. нараджэння (займаў пасаду фатографа);

Шэвелёў Андрэй Міхайлавіч, 1961 г. нараджэння;

Шчэпін Віктар Іванавіч, 1960 г. нараджэння (займаў пасаду фізорга);

Паўлаў Віктар Канстанцінавіч, 1960 г. нараджэння (быў летапісцам).

Напярэдадні паходу Міхаіл Назаравіч арганізаваў сустрэчу гурткоўцаў са сваімі сябрамі па зброі, партызанамі Рагачоўшчыны Драчовым К.М., Шабеткіным М.Ф., Карніенка Т.Ф., Паўлавым В.У. і франтавікамі Хадзько М.М., Жэламскім П.У. Пасля паходу гурткоўцы былі ўзнагароджаны значкамі “Юны турыст” і “Турыст СССР”.

У час турыстычных вандровак Мiхаiл Назаравiч займаўся даследчай дзейнасцю. Ён рабiў запiсы успамiнаў сведкаў вайны.

У архіве музея “Лёс салдата” ёсць яго рукапісы ўспамінаў жыхароў вёсак Адраджэнне, Сялец, Фалевічы, якія былі сведкамі знішчэння іх аднасяльчан нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гэтыя ўспаміны нельга чытаць без слёз. У іх змесце жах ад  пакут людзей якія выпалі на іх долю ў гады нямецкага акупацыйнага рэжыму.

У фондах цэнтра ёсць рукапісныя водгукі ўдзельнікаў паходаў, якія праводзіў Міхаіл Назаравіч (у дадатку да артыкула ліст Мішы Кухарэнка).

Таксама добра ладзілася ў Міхаіла Назаравіча і праца з фондамі беларускіх архіваў.

Як гісторык-даследчык ён  першы падышоў да праблемы вывучэння гісторыі малой Радзімы прафесійна. Яго рукапісы раскрываюць перад намі яшчэ адзін пласт яго шматграннай асобы – даследчыка  гісторыі Рагачоўшчыны. Iм былі дасканальна вывучаны фонды Гомельскага архіва Грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, Дзяржаўнага архіва БССР па пытанням Кастрычніцкай рэвалюцыі, Грамадзянскай вайны, Вялікай Айчыннай вайны  ў датычэнні да тэрыторыі Рагачоўшчыны.

Добрае веданне дакументальнай базы архіваў дала магчымасць яму плённа працаваць са сродкамі масавай інфармацыі, раённай газетай “Камунар”. На старонках газеты на працягу трыццаці гадоў пастаянна друкаваліся яго артыкулы:

“Другі Рагачоўскі павятовы з’езд Саветаў”;

“Тут воіны стаялі насмерць”;

“Азяраны – вёска партызанская”;

“Па партызанскіх сцежках”;

“Нашы героі – землякі”;

“Мемарыяльны помнік у Сяльцэ”;

“Абеліск на возеры Крушынаўскае”;

“Назло смерці”;

“П.М.Лепяшынскі на Рагачоўшчыне”;

“Партызанскі след”;

“Ён паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава”;

“Буравеснікі падполля” і інш.

Краязнаўцы Рагачоўшчыны, настаўнікі гісторыі школ павінны ведаць аб асобе Камарова Міхаіла Назаравіча і тое, што яго курсавая праца па заканчэнню гістарычнага факультэта педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага называлася “Вывучэнне гісторыі БССР у пасляваенныя гады(1945-1953 гг.)”.

Кандыдат гістарычных навук Людміла Прыабражэнская піша…”работа Камарова М.Н. прадстаўляе каштоўны справачна-бібліяграфічны зборнік, неабходны для партыйных і савецкіх устаноў, для навуковых супрацоўнікаў і студэнтаў…патрабуе хутчэйшага надрукавання”.

У 1967 годзе ўбачыла свет праца Камарова Міхаіла Назаравіча “Развіццё народнай адукацыі ў Рагачоўскім уездзе і раёне”.

У 1974 годзе Міхаіл Назаравіч апісвае свой педагагічны вопыт па тэме”Збор краязнаўчых матэрыялаў і выкарыстанне яго на занятках гісторыі і пазашкольнай рабоце”. Памеры працы 167 друкарскіх старонак, складаецца з чатырох раздзелаў:

- Збор археалагічных краязнаўчых матэрыялаў;

- Пошук матэрыялаў у архівах і музеях;

- Збор матэрыялаў пры падрыхтоўцы і правядзенні турыстычных паходаў;

- Выкарыстанне краязнаўчых матэрыялаў у працы настаўнікаў і выхавацелей.

У 1977 годзе Міхаіл Назаравіч закончыў абагульняючую працу “Развіццё народнай адукацыі ў Рагачоўскім уездзе і раёне”, якая прысвячалася да святкавання 60-годдзя са дня ўтварэння Савецкай улады. У аўтарскай запісцы Міхаіл Назаравіч вызначая сябе як настаўнік гісторыі СШ № 1 г.Рагачова  і як намеснік дырэктара Рагачоўскага народнага музея Гомельскай вобласці.

Той, хто наведвае музей Народнай славы г. Рагачова павінен ведаць вытрымку з цікавай гістарычнай крыніцы па тэме ”Развіццё музейнай справы на Рагачоўшчыне”.

Гэта пратакол № 28/4 паседжання бюро Рагачоўскага РК КПБ ад 24 жніўня 1962 года.

Тэма “Аб стварэнне ў горадзе Рагачове гісторыка-краязнаўчага музея на грамадскіх пачатках” (дакладчык таварыш Якуш). Заслухаў і абмеркаваў дакладную запіску ініцыятыўнай групы аб стварэнні ў горадзе Рагачова гісторыка-краязнаўчага музея на грамадскіх пачатках, бюро РК КПБ пастанаўляе:

………………

2. Зацвердзіць склад савета музея ў складзе наступных таварышаў:

    1. Свярдлоў С.М. – пенсіянер (дырэктар);

    2. Драчоў К.М. – пенсіянер (намеснік дырэктара);

    3. Камароў М.Н. – інспектар РАА (намеснік дырэктара);

    4. Ананьеў Т.М. – настаўнік Доўскай СШ;

    5. Казлоў А.В. – намеснік дырэктара школы-інтэрната;

    6. Масальскі Л.П. – загадчык РАА;

    7. Якуш В.Л. – загадчык аддзела прапаганды і агітацыі РК КПБ;

    8. Сопп К.В. – пенсіянерка;

    9. Быкаў Ф.Т. – намеснік дырэктара Беліцкай СШ;

……………….

4. Абавязаць старшыню выканкама райсавета тав.Емельянава М.Т. выдзяліць для арганізацыі музея памяшканне.

5. Абязаць загадчыка аддзела культуры тав.Іванову Л.М. забяспечыць афармленне дакументацыі экспанатаў і іх зберажэнне.

6. Запатрабаваць ад загадчыка РАА тав.Масальскага Л.П. аказаць усебаковае садзейнічанне ў арганізацыі работы музея сіламі школьных калектываў раёна.

Сакратар  РК КПБ                                                               А.Карніенка

Аб тым як працавалі ў канцы 60-х гадоў радавыя камуністы на патрэбы грамадства, прывяду прыклад што тычыцца Міхаіла Назаравіча.

Мне хочацца спытаць у чытачоў хто зараз у XXI стагоддзі імкнецца працаваць на карысць усяго грамадства без якой-нібудзь грашовай аплаты? Калі ёсць такія асобы – тады гэта вялікая рэдкасць. У сучасным грамадскім светапоглядзе яны ўспрымаюцца як “белыя вароны”, хаця гэта параўнанне не вельмі дакладнае. Гэта мой асабісты погляд.

У кастрычніку 1969 года Камароў М.Н. піша заяву ў бюро партыйнай арганізацыі СШ № 1 г. Рагачова:

“Прашу партбюро перагледзіць мае грамадскія пастаянныя абавязкі ў школе, якіх у мяне на сённяшні дзень пяць:

  1. Загадчык агіткалектывам;
  2. Старшыня таварыства па ахове помнікаў гісторыі і мастацтва;
  3. Намеснік начальніка вучэбнага пункта па дапрызыўнай падрыхтоўцы;
  4. Член камісіі па ахове працы і тэхніцы бяспекі пры майстэрні;
  5. Кіраўнік краязнаўчага гуртка.

Лічу што я павінен мець у школе толькі адно пастаяннае грамадскае паручэнне, так як з 17 грамадскіх паручэнняў, якія я выконваў у горадзе Рагачове пазашколай райкам партыі разгрузіў мяне і пакінуў за мной з 17 толькі 6 грамадскіх абавязкаў. Вось гэта праца тых людзей, якія прайшлi праз жыццёвыя выпрабаванні часоў нямецкай акупацыі і Другой Сусветнай вайны.

Моладзь Рагачоўшчыны можа знайсцi шмат прыкладаў як раней  працавалі на карысць грамадства, калi звернецца да бiяграфiй абаронцаў Айчыны ў перыяд Другой Сусветнай вайны.

І яшчэ раз я звярнуўся да асабовай справы Камарова М.Н. і высвятлiў, што ён меў 5 баявых узнагарод, 12 юбілейных дзяржаўных узнагарод, 22 Ганаровыя граматы ад Міністэрства адукацыі БССР, РК КПБ, Рэспубліканскага Савета ветэранаў вайны, ЦК ЛКСМБ, Гомельскага абласнога аддзела адукацыі. Абласнога таварыства аховы помнікаў і ад іншых арганізацый і ўстаноў.

З 1990 года Міхаіл Назаравіч Камароў актыўна працуе ў складзе раённай камісіі па напісанню дакументальнай хронiкi “Памяць. Рагачоўскі раён”. Яго праца ў архівах горада Мінска і Гомеля прынесла плённыя вынiкi – дакументальная хроніка “Памяць. Рагачоўскі раён” была лепшай з кніг гэтай серыі ў 90-х гадах ХХ стагоддзя.

У свой час Рагачоўскі цэнтр турызма і краязнаўства прыняў рашэнне ўручыць Іолшынскую прэмію за 2004 год сям’і Камарова Міхаіла Назаравіча, каб захаваць памяць аб гэтым чалавеку, які не шкадаваў жыцця, здароўя для таго, каб мы ўсе былі крышку лепшыя, больш спагадлівыя адзін да другога.

На сённяшні час ужо няма i жонкі Міхаіла Назаравіча – Камаровай (Іваніцкай) Яўгеніі Іларыёнаўны, настаўніцы хіміі і біялогіі СШ № 4

г. Рагачова, але дзве яго дачкі Ніна Міхайлаўна і Таццяна Міхайлаўна і тры ўнука беражна захоўваюць памяць аб іх бацьку, дзеду Камарове Міхаілу Назаравічу. На грамадскіх могілках, каля помніка Міхаіла Назаравіча заўсёды кветкі.

У горадзе Рагачове жывуць вучні Камарова Міхаіла Назаравіча. Яны захоўваюць у сэрцы памяць аб сваім балым настаўніку, партызане, салдаце, краязнаўцу і ўдзячны лёсу, што гэты чалавек сустрэўся на іх жыццёвым шляху.

г. Рагачоў, 19 студзеня 2018 года

Генадзь Цітовіч

Крыніцы

1. Фонд музея “Лёс салдата”.

2. Фонд архіва Дзяржаўнай установы адукацыі “Рагачоўскі раённы цэнтр турызма і краязнаўства дзяцей і моладзі”.

3. Матэрыялы прыватнага архіва Садоўскага Д.П.

4. Архiўны фонд газеты “Камунар”.

Дадатак з фотаграфiямi размещан у "Фотаальбоме"

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.